15-19 мая у Мінску адбудзецца VIII Міжнародны фестываль тэатраў лялек. За 5 дзён вядомыя калектывы з Польшчы, Італіі ,Украіны, Расіі, Ізраіля і, вядома, Беларусі пакажуць 14 спектакляў.
У кулуарнай тэатральнай прасторы існуе думка, што Лялечны беларускі тэатр -- гэта лепшае, што ёсць сёння ў айчынным тэатры. Маўляў, менавіта ён не паграз, як драматычны ў руціне і правінцыйнай серасці, а з'яўляецца прыкладам добрага еўрапейскага тэатра.
Такія рэжысёры лялечнага тэатру, як Аляксандр Янушкевіч і Алег Жугжда намінаваны на расійскую тэатральную прэмію "Залатая Маска" за спектаклі, якія яны паставілі ў Расіі. Гэта, выбачайце, тая самая вышыня, калі б беларускі фільм быў намінаваны на Оскар. Аляксей Ляляўскі - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек ажыццявіў пастаноўкі спектакляў больш, чым у дзесяці краінах свету і мае вялікую колькасць міжнародных узнагарод.
Насуперак усяму гэтаму у нас да гэтага часу існуе стэрэатып, што лялечны тэатр, гэта тэатр для дзяцей. Разбураем стэрэатыпы разам з нашым госцем -- рэжысёрам, мастацкім кіраўніком фестывалю Аляксеем Ляляўскім.
Чакаем вашых пытанняў і каментарыяў да 6 мая! Далучайцеся!
